Главная / Новости / Новости района
09.11.2021

Гордость Островецкого района Оксана Свирская: "Я нужна на этом месте"


Яна не памятае, каб у дзяцінстве марыла пра якую-небудзь прафесію. Але прыгадвае словы сваёй настаўніцы са школы ў Градаўшчызне: «Ты будзеш дапамагаць людзям».

Вядома, тады Аксана Свірская не звярнула на гэта ўвагі. І вось ужо 10 гадоў жанчына працуе ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёлета яе партрэт занесены на раённую Дошку гонару.

– Памятаю, як на планёрцы дырэктар цэнтра Святлана Куцько звярнулася да нас з пытаннем наконт кандыдатуры на Дошку гонару. Калі пачула ад калег «Аксану Генрыхаўну!», здзівілася, – успамінае гонар раёна. – Лічу, што не раблю нічога незвычайнага. Але калегі так вырашылі. Канешне, для мяне гэта гонар – нездарма ж Дошка гонару. Пры тым, адзначу, тут не толькі мая заслуга, а ўсяго калектыву – адзін у полі не воін. 
Аксана родам з вёскі Дравянікі. Скончыла дзевяцігодку ў Градаўшчызне, затым хадзіла ў астравецкую СШ №2 і пасля школы адразу выйшла замуж.  У маладой сям’і нарадзілася першая дачушка, праз 3 гады – другая. 

Пакуль была ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, вырашыла атрымаць адукацыю – і паступіла ў Мінскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтва на спецыяліста па сацыяльнай рабоце. 

Яшчэ падчас вучобы, у 2011 го­дзе, Аксана Генрыхаўна прый­ш­ла працаваць у аддзяленне адапта­цыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра па сваёй спе­цыяльнасці. Праз 4 гады ў арганізацыі адкрылі аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту – яго ўзначаліла Свірская. А ў 2018 годзе яго аб’ядналі з аддзя­лен­нем дзённага знаходжання для маладых інвалідаў – загадчыкам стала Аксана Генрыхаўна, кім працуе і зараз.

– Гэта 2 даволі цяжкіх напрамкі работы. Трэба мець асаблівы падыход да людзей, – гаворыць жанчына. – З пажылымі – адна спецыфіка: гэта людзі дарослыя, вопытныя, мудрыя,ім не загадаеш, што і як рабіць, – тут ужо больш да іх трэба прыслухоўвацца. З наведвальнікамі з інваліднасцю ўсё інакш: яны без пытанняў выконваюць заданні. 

– Калі працавала з сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяс­печным становішчы, былі свае нюансы, – працягвае гонар раёна. – Увогуле трэба быць крыху псіхолагам, каб разумець, як з кім гаварыць: у адным выпадку можна і пажартаваць, у другім не варта гэтага рабіць. Наша праца не толькі цікавая, але і небяспечная. Без падрабязнасцей скажу: усялякія здараліся сітуацыі, таму нашы спецыялісты на абследванні па адным не ходзяць.

У аддзяленне Аксаны Генры­хаў­ны залічана 36 маладых інвалідаў і 66 пажылых грамадзян. Тут яны займаюцца ў гуртках. Людзям старэйшага пакалення больш па душы вакальнае майстэрства і харэаграфія. Наведвальнікі з інва­ліднасцю з задавальненнем робяць падзелкі. Для маладых людзей сустрэчы ў цэнтры маюць асаблівае значэнне: іх абмя­жоў­­вае хвароба – а тут можна пагу­тарыць з такімі ж, як яны, са спе­цыялістамі, крыху адпачыць. Ім тут цікава. Тут усе яны разам – сям’я.

– Людзі да нас прыходзяць са сваімі праблемамі – і да кожнага трэба ўмець падысці так, каб чалавек зразумеў: ён не адзін, яму дапамогуць, падтрымаюць, – расказвае Аксана Генрыхаўна.

– Адзін з напрамкаў дзейнасці нашага аддзялення – работа з баць­­­­камі маладых людзей з інва­лід­­насцю, – працягвае жанчына. – Так, мы арганізавалі клуб «Узае­ма­­­­разуменне» – і пагаворым, калі збі­раемся, і майстар-кла­сы правя­дзём. 

Кажуць, што ў кожнага чалаве­ка, якога сустракаеш у жыцці, мож­на нечаму навучыцца. Пада­печ­ныя Аксаны Свірскай – не вы­клю­чэнне.

– Ад пажылых людзей я зара­джаюся пазітыўным настроем, – расказвае гонар раёна. – Да нас прыходзяць у асноўным жанчыны, я заўсёды кажу ім, што яны разумніцы і прыгажуні. Дзіву даюся, якія яны актыўныя, не ся­дзяць у хаце, нешта прыдумваюць, прапаноўваюць. Да нас ідуць, як на свята: апрануцца прыгожа, падфарбуюцца, надзенуць пацеркі… Калі віншавала іх з Днём пажылога чалавека, сказала, што ў старасці хачу быць падобнай да іх.

– У людзей з інваліднасцю вучышся цаніць жыццё і прасцей ставіцца да матэрыяльных рэчаў, – працягвае гонар раёна. – Больш цэніш адносіны адзін да аднаго і здароўе сваіх дзяцей і блізкіх.

У Аксаны Генрыхаўны 7 падна­чаленых. Але нельга сказаць, што яна, як загадчык, толькі кіруе. Як і ўсе спецыялісты, Свірская ўдзель­ні­чае ў рэйдах у складзе аглядальных камісій, наведвае падапечных на даму. І, дарэчы, нівод­нае працоўнае рашэнне не прымае, пакуль не параіцца з калегамі, – важнай можа быць думка і ідэя кожнага спецыяліста. 

– У нас цікавая работа. Зразумела, ёсць і свае цяжкасці. Але калі ў цябе добры калектыў, на пад­трымку якога можна заўсёды разлічваць, выхад знойдзецца з любой сітуацыі. Ды і вопыт ужо дапамагае, – адзначае жанчына.

Дарэчы, у тэрытарыяльным цэнт­ры Аксана Свірская выконвае і грамадскія абавязкі: у свой час яна была старшынёй пярвічнай арга­нізацыі «Белая Русь», а зараз старшыня прафсаюзнай пярвічкі і сакратар камісіі па безбар’ер­ным асяроддзі.

А ў вольны час жанчына аддае сябе захапленням: летам займаецца агародам і кветкамі; зімой вяжа, размалёўвае карціны па нумарах, робіць падзелкі і яшчэ шмат іншых заняткаў знаходзіць. 
Слова – калегам Таццяна Ваховіч, кіраўнік гурткоў:

– З Аксанай Генрыхаўнай прыйшлі  ў тэрытарыяльны цэнтр амаль адначасова – так і працуем разам. У 2018 годзе, калі аб’ядноўвалі аддзяленні для пажылых людзей і для інвалідаў, я хацела, каб менавіта яна ўзначаліла яго.  Гэта актыўны, адказны, адукаваны, творчы чалавек. Пры ўсіх цяжкасцях работы ў нас весела і дружна, мы ва ўсім знаходзім плюсы – і гэта не без Аксаны Генрыхаўны.
Думкі ўслых

* «Ніколі ні з кім не спрачаюся. Ды і што такое спрэчка? Магчыма, я не так разумею, але, на маю думку, гэта проста выказванне меркаванняў – і яны маюць права быць. Трэба прымаць кропку гледжання іншага чалавека, нават калі яна не супадае з тваёй».

*  «Не люблю, калі з хаты на работу прыносяць негатыўныя эмоцыі. У сямейных адносінах ніхто з калег не вінаваты, дык нашто злавацца і псаваць ім настрой». 

* «У хаце немагчыма не думаць пра работу, нельга адключыцца на 100%, таму што гэта наша жыццё». 

* «Цяжка, калі прыязджаеш да пажылых, у якіх ёсць дзеці, а чалавек просіць забраць яго ў Падольцы ці Міхалішкі… Могуць слёзы навярнуцца – але праміргаеш, стрымаешся. Пазней, бывае, і дасі сабе слабіну».

* «У нашай арганізацыі няма выпадковых людзей. Калі такія прыходзяць, яны надоўга не затрымліваюцца».

* «Здараецца, думаю: можа, час знайсці іншую працу, каб, як кажуць, «паперкі перакладаць». Але тут жа спахаплюся: не, я патрэбна тут».


 
Текст: Светлана Фёдорова
Фото: Светлана Фёдорова