Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Островецкий районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
11.01.2022

Геноцид: в Островецком районе установлены два места расстрела мирных жителей

  Тое, што ў гады Другой сусветнай вайны немцы масава знішчалі яўрэяў, ведаюць амаль усе. Па інфармацыі, якую атрымалася адшукаць у інтэрнэце, у нашым раёне было створана 6 гета – у Кямелішках, Міхалішках Быстрыцы, Астраўцы, Варнянах і Гудагаі. Аднак ахвярамі фашызму станавіліся і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. У мінулым годзе Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў расследаванне фактаў генацыду беларускага народа. Да справы падключылася Генеральная пракуратура – у красавіку была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. За гэты час устаноўлены дзясяткі месцаў масавых пахаванняў мірных грамадзян, знішчаных акупантамі ў ваенны час на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Адпаведная работа праводзілася і на Астравеччыне. – У рамках расследавання крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, праведзена дастаткова вялікая работа. Намі выяўлены раней непашпартызаваныя і незадакументаваныя факты забойства мірных грамадзян. Адно з пахаванняў знаходзіцца ва ўрочышчы Стрыпішкі, дзе былі расстраляны 22 мірныя жыхары стараабрадчых хутароў, – расказвае пракурор Астравецкага раёна Аляксей Тамчанок. – У час пошукавых мера­прыемстваў у пракуратуру паступіла таксама інфармацыя аб факце забойства мірных гра­мадзян цыганскай нацыя­нальнасці – па паказаннях былога настаўніка Лошскай база­вай школы, які ў час працы зай­маўся пошукам інфармацыі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, было расстраляна каля 20-30 чалавек, – працягвае пракурор раёна. – Усе паказанні пера­дадзены ў Генеральную пра­куратуру. Звесткі пра месцы пахаванняў накіраваны ў райвыканкам і ваенны камісарыят, якія падаюць заяўку на прыцягненне спецыялізаванага батальёну для правядзення пошукавых работ. Як адзначыў Аляксей Тамчанок, работа па выяўленні фактаў генацыду беларускага народа на тэрыторыі раёна прадоўжыцца. Цыганскі халакост… Быў і такі Пра генацыд цыган размовы вядуцца не так часта, як пра генацыд яўрэяў. Хаця, як сведчаць гістарычныя факты, у «Асвенцыме» загінула больш за 23 тысячы цыган. Усяго ў нацысцкіх лагерах смерці было знішчана больш за 500 тысяч рома. Некаторыя даследчыкі лічаць, што людзей гэтай нацыянальнасці было забіта значна больш – да паўтара мільёна. Дакладныя лічбы, на жаль, сёння ўжо наўрад ці можна даведацца...  У свеце 2 жніўня адзначаецца як Дзень памяці ахвяр халакос­ту цыган – гэтая дата, звязана з сумнымі падзеямі Другой сусветнай вайны, калі ў ноч з 2 на 3 жніўня 1944 года ў газавых камерах «Асвенцыма» нацысты знішчылі больш за 3 тысячы чалавек гэтай нацыянальнасці. …Непадалёк ад дзіцячага аздараўленчага летніка «Ластаў­ка» на ўскрайку маладога лесу ёсць курганны насып – па расповедах старажылаў (сёння нікога з іх ужо няма ў жывых) тут знаходзіцца магіла расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны цыган.  Па запісах, якія захоўваюцца ў музеі Гудагайскай сярэдняй школы, у час вайны ў адным з будынкаў на тэрыторыі сучаснага летніка размяшчаўся нямецкі гарнізон. У 1941 годзе фашысты прыгналі з наваколля цыганскі табар, які расстралялі непадалёк ад гэтага месца.  «Мужчын і падлеткаў пры­мусілі выкапаць невялікі роў, затым вылюдкі з аўтаматаў забілі ні ў чым не вінаватых мірных лю­дзей. Па чутках, ледзь прыкапаная магіла яшчэ некаторы час пасля ад’езду карнікаў варушылася – відаць, паміралі цяжка параненыя», – занатавана ў запісах. У першы час мясцовыя жыхары абміналі гэтае месца, і толькі сабака расстралянага табару каля тыдня прыбягаў на магілу і выў. Па расповедах мясцовых жы­хароў сюды ж немцы пры­во­зілі і яўрэяў, якія знахо­дзіліся ў Гуда­гайскім гета». На жаль, жывых сведкаў тых падзей не засталося. Вясной 2004 года настаўнікі і вучні Лошскай базавай школы пры падтрымцы Гудагайскага сельскага Савета ўшанавалі памяць ахвяр фашызму: тэрыторыя меркаванага пахавання была ачышчана, пастаўлены і асвечаны крыж. Праз год вакол насыпу была ўстаноўлена агароджа… Магіла старавераў … У 40-я гады на Астравеччыне, непадалёк ад мяжы з Літоўскай Рэспублікай пражывала абшчына старавераў. Каля возера Падмядзіна ва ўрочышчы Стрыпішкі ў іх была свая царква. Побач знаходзіліся шматлікія хутары, на якіх і жылі сем’і старавераў. 22 жніўня 1942 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі з прыбалтыйскіх рэспублік была праведзена карная аперацыя: з хутароў акупанты прыгналі 22 маладых людзей ва ўзросце 18-22 гадоў, якіх расстралялі каля хутара Падмядзіна. Пад страхам смерці родным забаранілі хаваць іх целы на стараверскіх могілках, таму бязвінна забітыя маладыя людзі былі пахаваны на месцы расстрэлу. – Як расказаў былы старшыня Падольскага сельсавета Уладзімір Астапец, пра здзейснены ў 1942 годзе масавы расстрэл яму расказалі ў 1973 годзе старажылы стараверскай абшчыны. Праз нейкі час па яго ініцыятыве на месцы расстрэлу быў устаноўлены бетонны знак-помнік з таблічкай, – расказвае Аляксей Тамчанок. – А потым Савецкі Саюз распаўся, месца, дзе былі расстраляны мірныя жыхары, стала фактычна Дзяржаўнай мяжой. У выніку інфармацыя згубілася і задакументавана не была. – Падчас расследавання пракуратурай быў дапрошаны Малафей Зубанаў. Мужчына расказаў, што нямецкімі акупантамі быў расстраляны яго родзіч Іван Зубанаў, які жыў на хутары Крынічка, а яго брат Міхаіл змог збегчы ад немцаў, – працягвае пракурор. – Сам жа Малафей Зубанаў сведкам расстрэлу не быў, аднак інфармацыю пра яго чуў. У кнізе «Памяць. Астравецкі раён» у раздзеле «Мірныя жыхары – ахвяры фашызму» сярод забітых у гады вайны на тэрыторыі былога Падольскага сельсавета пазначана імя Івана Зубанава з хутара Крынічка. Там жа змешчаны прозвішчы жыхароў іншых хутароў сельсавета – пэўна, гэта тыя ж расстраляныя стараверы. ВАЖНА Закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа» прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 14 снежня 2021 года. 5 студзеня 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дакументам прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, здзейсненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час да 1951 года. Пад беларускім народам маюцца на ўвазе савецкія грамадзяне, якія ў той перыяд пражывалі на тэрыторыі Беларусі. Адначасова ўстанаўліваецца крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, напрыклад, праз размяшчэнне адпаведнай інфармацыі ў СМІ ці інтэрнэце. Текст: Елена Ярошевич