На 15 жніўня на трэцім месцы ў жніўным табелі рангаў замацаваўся КСУП «Міхалішкі», прапусціўшы наперад толькі штогадовых лідараў жніва – КСУП «Гудагай» і «Гервяты». Карэспандэнт пабываў у гаспадарцы, каб даведацца пра здабыткі і праблемы міхалішкаўскага жніва.
Пад збожжавыя і зернебабовыя, без уліку кукурузы, грэчкі і проса, у «Міхалішках» сёлета адвялі 2 270 гектараў. Напачатку гэтага тыдня 60% жніўных плошчаў у гаспадарцы абмалацілі, на патрэбы жывёлагадоўлі і рэалізацыю дзяржаве ўжо ёсць звыш 4 тысяч тон збожжа.
– Гэтае жніво для мяне пятае. Пасля Навагрудскага аграрнага каледжа накіравалі на Астравеччыну ў КСУП «Міхалішкі». Не ўтойваю: напачатку было складана. Трэба было пазнаёміцца з людзьмі, добра вывучыць землі – за дапамогу і слушныя парады ўдзячны старэйшым калегам. Думалася, што затрымаюся ў «Міхалішках» ненадоўга, – з усмешкай узгадвае першыя крокі ў прафесію галоўны аграном Алег Кавалевіч. – З часам уцягнуўся і канчаткова ўпэўніўся, што агранамія – маё.
Пацікавілася ў галоўнага тэхнолага міхалішкаўскіх і страчанскіх ніў, што сёлета на жніве яго радуе, а што, наадварот, засмучае.
– Добра ўрадзілі збожжавыя, якія на круг даюць на 10 цэнтнераў больш, чым летась. Найлепш з культур сыплецца азімая пшаніца – яе ўраджайнасць дасягае 33 цэнтнераў з гектара. Рапс урадзіў дрэнна, – расчаравана адзначыў галоўны аграном. – Ураджай у нас убіраюць 8 камбайнаў, адзін з якіх новы КЗС-1218 вытворчасці «Гомсельмаш». У залежнасці ад дзённых задач і фронту работ «разбіваем» іх на некалькі звёнаў. На адвозе задзейнічана свая тэхніка і памагатыя з жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ваеннай часці.
У КСУП «Міхалішкі» жніво – сямейная справа для многіх працаўнікоў.
Не першы сезон на камбайне «Палессе» працуе Іван Юшчык, чый партрэт летась быў занесены на раённую Дошку гонару.
– Для мяне гэта 19-ты сезон. З тыдзень стаяў на рамонце, таму няшмат намалаціў. Штогод па тысячы тон маю, толькі адзін сезон на гэтым камбайне недабраў – не хапіла плошчаў, – расказаў механізатар.
Бацька малоціць, а сын збожжа возіць. Юрый Юшчык працуе ў Астравецкай ЖКГ і штолета ад сваёй арганізацыі дапамагае землякам на адвозе збожжа.
Больш таго, з 9-га класа некалькі сезонаў ён з бацькам убіраў ураджай.
Камбайнер Валерый Дэнюш сёлета ўпраўляецца без памочніка. Некалькі гадоў назад яму дапамагаў сын, але цяпер Антону хапае іншых спраў – пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа малады чалавек працуе ў КСУП «Міхалішкі» аграномам-аграхімікам.
У гаспадарцы ўжо склалася традыцыя: убіраць мясцовым аграрыям саспелы ўраджай дапамагаюць працаўнікі лясніцтва. Чатырнаццаты сезон запар Аляксандр Субаткевіч летам перасаджваецца з лесанарыхтоўчай трылёвачнай машыны ў камбайн. Сёлета з сынам Дзмітрыем яны ўжо запісалі на свой рахунак звыш 600 тон.
…Пакуль адны абмалочваюць нівы і возяць збожжа, другія рыхтуюць глебу пад азімыя. А зрабіць гэта трэба своечасова, каб у наступным годзе было што ўбіраць.

Галоўны аграном КСУП «Міхалішкі» Алег Кавалевіч

Іван Юшчык, камбайнер

Валерый Дэнюш шмат сезонаў убірае збожжа «Джон-Дзірам»

Юрый Юшчык, вадзіцель

Аляксандр Субаткевіч, камбайнер